Летні аздараўленчы перыяд

Лета выдатная пара года. Яго любяць дарослыя і дзеці. Улетку можна ўдосталь нагуляцца, пабегаць, загартавацца, падрасці, даведацца пра штосьці новае.

Галоўная задача установы дашкольнай адукацыі ў летні перыяд часу арганізаваць жыццё выхаванцаў так, каб кожны дзень прыносіў ім нешта новае, быў напоўнены цікавым зместам, каб ўспаміны аб леце, гульнях, прагулках, святах і забаўках яшчэ доўга радавалі іх.

З першага чэрвеня ўстанова дашкольнай адукацыі пераходзіць на працу ва ўмовах летняга рэжыму. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі працягласць летняга аздараўленчага перыяду (летніх канікул) ва ўстанове дашкольнай адукацыі складае 90 дзён.

З наступленнем гарачай пары змяняецца і спецыфіка работы дашкольнай установы. Педагогі арганізуюць і праводзяць работу з дзецьмі, ствараючы камфортныя ўмовы для знаходжання дзяцей на свежым паветры: азеляняюць і афармляюць групавыя ўчасткі, папаўняюць колькасць вынаснога абсталявання для гульняў дзяцей.

Летні перыяд у дзіцячым садзе прынята называць аздараўленчым, і ён мае свае асаблівасці. Не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць выязджаць за межы сваёй вёскі, з мэтай аздараўлення дзіцяці, набываць пуцёўкі ў санаторый. Задача дзіцячага сада складаецца ў тым, каб максімальна выкарыстаць спрыяльныя для ўмацавання здароўя дзяцей ўмовы летняга часу, дамагчыся, каб дзіця добра сябе адчувала, паправілася, акрэпла  і загартавалася.

Змест адукацыі дзяцей у летні перыяд рэалізуецца ў партнёрскай дзейнасці дарослага з выхаванцамі.

У перыяд летняга аздараўлення прыярытэтным з’яўляецца арганізацыя дзейнасці дзяцей фізкультурна-аздараўленчай і мастацка-эстэтычнай накіраванасці.

У дашкольнай установе ў перыяд летніх канікул праводзіцца фізкультурна-аздараўленчая работа, якая ўключае:

  • ранішнюю гімнастыку;
  • фізкультурныя заняткі (гульнявога, сюжэтнага, тэматычнага выгляду);
  • рухомыя гульні і фізічныя практыкаванні на прагулцы;
  • актыўны адпачынак (фізкультурныя святы, Дні здароўя);
  • самастойную рухальную дзейнасць;
  • загартоўванне  натуральнымі прыроднымі фактарамі (паветра, вада,  сонца).

У летні перыяд ствараюцца спрыяльныя ўмовы для рухальнай актыўнасці дзяцей і ўзмацненне аздараўленчага ўздзеяння фізічных практыкаванняў.

Усе кампаненты фізкультурна – аздараўленчай работы праводзяцца штодня на паветры.

Мастацка-эстэтычная праца, ўключае ў сябе:

  • выяўленчую дзейнасць (маляванне, лепка, аплікацыя, канструяванне, дзіцячы дызайн);
  • музычную дзейнасць выхаванцаў;
  • азнаямленне з творамі мастацкай літаратуры і фальклору.


З мэтай стварэння эмацыйнага камфорту дзяцей у летні аздараўленчы перыяд мы арганізуем:

  • ўключэнне выяўленчай дзейнасці ў дзіцячыя святы;
  • правядзенне забаў, якія ўключаюць эксперыментаванне дзяцей з выяўленчымі і прыроднымі матэрыяламі, садзейнічаюць замацаванню уяўленняў аб відах, жанрах мастацтва, сродках выяўленчай выразнасці, конкурсаў з рознымі намінацыямі;
  • арганізацыя займальнай гульнятэкі, гульняў з пяском.

Пры арганізацыі музычнай дзейнасці з выхаванцамі праводзяцца:

  • музычна-дыдактычныя гульні, музычныя віктарыны;
  • ўключэнне ў  працэс музычных твораў, якія увасабляюць “летнія” вобразы (А. Вівальдзі, П. І. Чайкоўскага і інш.);
  • самастойная музычная дзейнасць дзяцей (выкананне песень і танцаў, арганізацыя сюжэтна-ролевых гульняў з «музычнымі» сюжэтамі).


Такім чынам, лета ў дзіцячым садзе – гэта насычаная пара, напоўненая смехам, радасцю і весялосцю. Усе намаганні работнікаў дашкольнай установы накіраваны на аздараўленне і загартоўванне дзіцячага арганізма.

Падрыхтавала: Навіцкая С.К., намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці